ША́ХТЫ КРЭМЕНЕЗДАБЫЎНЫ́Я,

заглыбленыя ў зямлю выпрацоўкі, у якіх у познім неаліце і ў бронзавым веку (3—2-е тыс. да н.э.) здабывалі крамянёвую сыравіну. Выпрацоўкі ў мелавых адорвенях пераважна з крамянёвымі праслойкамі мелі калодзежападобную форму, дыям. шахтавага ствала да 1,5 м, глыб. да 6—8 м. Выманне мелавой пароды і здабычу сыравіны рабілі наборам гарняцкіх інструментаў з рагоў высакароднага аленя. У размешчаных побач з выпрацоўкамі майстэрнях выраблялі пераважна крамянёвыя сякеры, што распаўсюджваліся ў бліжэйшым наваколлі і на аддаленай тэрыторыі. Ш.к. ўзніклі з-за попыту на высакаякасную сыравіну, неабходную для вытв-сці сякер, патрэбных у лядным (падсечна-агнявым) земляробстве. Такія помнікі выяўлены і даследаваны ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. (гл. Краснасельскі археалагічны комплекс). Іх узнікненне звязана са з’яўленнем насельніцтва шарападобных амфар культуры і шнуравой керамікі культуры. Падобныя помнікі існавалі каля г.п. Рось Ваўкавыскага р-на і на Пн ад Гродна. У канцы бронз. веку (пач. 1-га тыс. да н.э.) здабыча крэменю ў шахтах заняпала.

Літ.:

Гурина Н.Н. Древние кремнедобывающие шахты на территории СССР. Л., 1976;

Чарняўскі М.М., Кудрашоў В.Я., Ліпніцкая В.Л. Старажытныя шахцёры на Росі. Мн., 1996.

М.​М.​Чарняўскі.

т. 17, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)